Художественная галерея 'Беларт'  



Выставка акварели Р.М.Тимоховой "Спачатку была кнiга"

Выстава працуе: 01.02.2011 – 21.02.2011г. штодня з 10.00 да 19.00, акрамя нядзелі. Тэл. 227 61 24

У мастакоўскім асяродку Рыту Цімохаву ведаюць як мастака кнігі. І сапраўды, пасля заканчэння Украінскага паліграфічнага інстытута ў горадзе Львове (1985 г.), мастачка аформіла больш за 35 кніжных выданняў, у якіх выступала не толькі як аўтар ілюстрацый, але і як дызайнер макетаў кніг, менавіта таму, што адмысловая адукацыя не дазваляе займацца ілюстраваннем кнігі не ўлічваючы яе суцэльнага мастацкага вобразу і ўнутранай структуры выдання. З гэтай нагоды мастачка лічыць немагчымым выстаўляць кніжныя ілюстрацыі як самастойныя творы на мастацкіх выставах. Таму аформленыя ёю кнігі амаль заўсёды прадстаўляюцца на Рэспубліканскіх конкурсах “Мастацтва кнігі”, а таксама на шматлікіх міжнародных конкурсах, дзе кніжныя ілюстрацыі не выстаўляюцца ў адрыве ад самога выдання і дзе яны не аднойчы былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.

Дадзеная выстава пад назвай “Спачатку была кніга” прадстаўляе сумесны творчы праект мастачкі і РВУ “Літаратура і Мастацтва”, які прэзентуе новае выданне “Казкі дзяцей Беларусі. Marchen belarusisher Kinder”. Казкі напісаны беларускімі школьнікамі ў рамках конкурсу , які быў абвешчаны Беларускім фондам “Мы - детям” і перакладзены для гэтага выдання на рускую і нямецкую мовы. Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, якіх цікавіць дзіцячая творчасць. А ў перакладзе на нямецкую мову можа служыць дапаможнікам для нямецкіх дзяцей, якія вывучаюць рускую мову. Акрамя ілюстрацый да казак гэтага выдання , на выставе прадстаўлена серыя акварэльных аркушаў, якія не звязаны з друкаванымі праектамі, а таксама нізка ілюстрацый з рукатворнай кнігі “Вершы пра птушак”, якая атрымала ганаровую ўзнагароду на міжнародным біенале ілюстрацыі “Залатое пяро Белграда”. Разнастайнай з’яўляецца каляровая гама прадстаўленых на выставе твораў. Калі ілюстрацыі да дзіцячых казак патрабуюць больш актыўнага ўжывання колеру, то ў іншых сваіх акварэлях мастачка адмыслова выкінула са сваёй палітры насычаныя фарбы і гэткім чынам прыйшла да сціслай шэра-залаціста-карычневай манахроміі, празрыстасць якой, на думку аўтара, дазваляе дабіцца найбольшай выразнасці ў перадачы ўнутранага свету персанажаў, якія нібы высвечваюцца з туманнай смугі акварэльнага аркуша. Асноўныя персанажы праекту “Спачатку было слова” – гэта найбольш загадкавыя, на думку мастачкі, стварэнні нашай рэчаіснасці – птушкі і жанчыны, якія існуюць у сваёй замкнёнай празрыстай прасторы, дзе мы можам бачыць часцінкі паветра, насычаныя кроплямі дажджу. Гэта незвычайныя кветкі і нетутэйшыя расліны, якія гарманічна суіснуюць з не меньш загадкавымі стварэннямі – коткамі і катамі, якія нібыта медытуюць, што дазваляе ім не зліцца з паўсядзённасцю свету. Ілюстрацыі і тэхніка акварэлі, якая з’яўляецца традыцыйнай для беларускай мастацкай школы, дзякуючы сваёй падкрэсленай манахромнасці, дазваляе мастачцы выявіць тонкую нюанснасць каляровых адносін, якая спалучаецца з графічнай філіграннасцю ў прапрацоўцы дробных дэталяў. Галоўная мэта выставы, як лічыць мастачка – прыадчыніць завесу ў іншае вымярэнне чалавечай душы, свет, дзе не існуе часу, а прастора ў сваёй бясконцасці дазваляе чалавеку гарманічна суіснаваць з самім сабой. Гэта свет дарослага і дзіцяці, які ўтварае магутную энэргетыку дабрыні.

Біяграфічныя дадзеныя

Рыта Цімохава – мастак-графік. Нарадзілася 4 лютага 1962 г. на Віцебшчыне. У 1962 г. паступіла ў Рэспубліканскую школу па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя М. Ахрэмчыка. У 1980 г. – у Паліграфічны інстытут імя І. Фёдарава у Львове ( Україна) на аддзяленне кніжнай графікі, а ў 1985 г. яго скончыла. З 1988 г.пастаянна супрацоўнічае з вядучымі выдавецтвамі рэспублікі Беларусь, такімі як “Мастацкая літаратура”, “Юнацтва”, “Асар”, “Трывіум”, “Тэхналогія”. Праілюстравала больш за 30 кніжных выданняў, сярод якіх , у асноўным, зборнікі паэзіі, выданні для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, падручнікі па чытанню для дзяцей 1-х і 2-х класаў. З 1994 г. з’яўляецца неаднаразовым лаурэатам Рэспубліканскага конкурса “Мастацтва кнігі”, мае ўзнагароды 1-й, 2-й і 3-й ступені ў галіне мастацкага афармлення і макетавання дзіцячых выданняў. Рыта Цімохава – пастаянны ўдзельнік міжнародных конкурсаў кніжнай графікі ў Браціславе (“Залаты яблык”), Белградзе (“Залатое пяро”), а таксама у Японіі і Партугаліі. Мастачка з’яўляецца ўладальніцай міжнароднай ўзнагароды “Залатое пяро Белграда”, якую атрымала ў 2005 годзе за афармленне кнігі для дзяцей “Добрыя вершы”, выдавецтва “Тэхналогія”. З 2003 г. Рыта Цімохава становіцца сябрай Саюза мастакоў Беларусі (секцыя графікі). На працягу ўсёй творчай дзейнасці яна прымае актыўны ўдзел ў Міжнародных і Рэспубліканскіх выставах са свімі працамі, выкананымі ў тэхніцы акварэльнага жывапісу. У яе актыве – некалькі Рэспубліканскіх і Міжнародных выстаў ,якія праходзілі ў Беларусі, персанальная выстава творчых работ ў Гісторыка-культурным запаведніку горада Полацка, восем Рэспубліканскіх выставак-конкурсаў “Мастацтва кнігі”, удзел у выставах “Мартаўскія каты” і “Карнавал”, Рэспубліканская выстаўка графікі ў 2007 г. і Міжнароднае біенале графікі, жывапісу і скульптуры, а таксама удзел у шматлікіх замежных выставах у гарадах Віль , Дрэзден (Германія), персанальная выстава ў галерэі “Сілак”(Дрэзден), удзел у выставе беларускіх мастакоў пад назвай “Хто ты, мой сусед?” у памяшканні Муніцэпалітэту г. Лейпцыга у 2007 годзе,а таксама выстава ў польскім замку “Княжы”і ў памяшканні музею кінематаграфіі ў польскім горадзе Лодзь. Акрамя таго Рыта Цімохава пастаянна супрацоўнічае з галерэяй “Трыяда” у польскім горадзе Гданьску, а таксама з галерэямі “Аксель Бабке”, “Сілак” і “Галерэяй Валентоўскага” (Германія).








Живопись
Графика
Скульптура
Декоративно-прикладное искусство

English version
English version

Приглашаются к сотрудничеству лица и организации, заинтересованные в проведении выставок и презентаций в одном из залов галереи "Беларт" по ул. К.Маркса, 4