Художественная галерея 'Беларт'  



Выстава жывапісу Генадзя Драздова

"Міратачэнне"

Мастацкая галерэя Беларт запрашае на выставу жывапісу Генадзя Драздова “Міратачэнне”, адкрыццё якой адбудзецца

а 17-й гадзіне 23 мая 2017 г. па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 4. Уваход вольны.

Выстава будзе працаваць 23 мая – 6 чэрвеня 2017 г. штодня, акрамя нядзелі, з 11.00 да 20.00.

“ З дзяцінства мы назіраем у вокнах на шкле цудоўныя малюнкі, якія стварае прырода ў залежнасці ад пары года і стану.

Узімку гэта замерзлыя шыбіны з дзіўнымі, яскравымі, абстрактнымі малюнкамі. У восень гэта запацеўшыя шыбіны, якія потым

ператвараюцца ў пацеркі вільгаці і, паслухмяныя законам прыцягнення, сцякаюць да зямлі. Кроплі сцякаюць і як бы

міраточаць. І калі першую частку слова “міра” разумець не як пахучая алея, а як супольнасць людзей, тады з’ява набывае

духоўны, сакральны сэнс. Кроплі вільгаці ператвараюцца ў кроплі пота, кроплі крыві і міраточаць, або краваточаць.

Гэта і есць міратачэнне, метафізічная з’ява, праява надматэрыяльнага, невытлумачальнага лагічна, рацыянальным мысленнем.

Міратачэнне - гэта адвечны дыялог паміж Тварцом і чалавекам, ягоным тварэннем, дзе Тварэц паказвае і дэманструе нам свае

Art экспромты і чалавечая прысутнасць есць таксама умовай гэтага дыялога праз творчасць.

Працы з цыкла “Міратачэнне” - гэта і есць спроба занатаваць гэты дыялог сродкамі выяўленчага мастацтва і мастацкай мовы.

Калі мы глядзім праз запацеўшае шкло, мы бачым некалькі выяў: тое, што на шкле і тое, што за шклом. Дзве інфармацыйна

фармальныя калькі накладаюцца адна на адну і ствараюць незвычайны вобраз – выяву, дзе гэтыя калькі узаемадзейнічаюць

паміж сабой і ствараюць незвычайную тканіну выявы. Дадаецца яшчэ і трэццяя калька - тое, што дадае наш інтэлект і

фантазія, узбагачаная культурна цывілізацыйным досвідам.”

Г. Драздоў 18.05.2017


Генадзь Драздоў нарадзіўся 11 сакавіка 1959 г. у в. Паддуб’е Рагачоўскага раёна Гомельская вобласці.

Скончыў Менскую мастацкую навучальню імя А. Глебава (1979), Беларускую акадэмію мастацтваў (1989).

Вучыўся ў Івана Чухраева, Віктара Маркаўца.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1999 г.

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1981 г.

Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, ЗША, Нарвегіі, Бельгіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Украіне, Расеі.

Наладзіў больш за дзесяць персанальных выставаў у Беларусі і за яе межамі.

Працуе ў галіне графікі, жывапісу, мастацкіх праектаў. Найбольш значныя творы: “Малітва аб незалежнасці Беларусі”, “Рэхаформ”, “Вяртанне блуднага сына”, “Шлях вузкай брамай”, “Час восені”, “Пакінуты Беларускі дом”, нізка “Фрагменты беларускага барока”.

Узнагароджаны дыпломам І ступені за серыю графічных працаў на ІІ Менскай міжнароднай выставе графікі (2009), дыпломам ІІІ ступені (у намінацыі лічбавае фота) на І V Менскім міжнародным фестывалі лічбавага мастацтва (2013).

Аўтар шматлікіх канцэптуальных праектаў: “І Фэст Беларускага духоўнага мастацтва”, Менск, Палац мастацтва (1999); “ ART рэйтынг”, Менск, галерэя “Золата” (2001); “Перформанс “Вясны””, Менскі касцёл св. Сымона і Алены (2001); Кіеў (2005); “ІІ Фэст Беларускага духоўнага мастацтва”, Менск, Палац мастацтваў (2012).

Творы захоўваюцца ў нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у прыватных калекцыях.

У 2011 – 2016 гг. Старшыня Рады творчай суполкі “Пагоня”.

Жыве ў Менску.

 



























Живопись
Графика
Скульптура
Декоративно-прикладное искусство

English version
English version

Приглашаются к сотрудничеству лица и организации, заинтересованные в проведении выставок и презентаций в одном из залов галереи "Беларт" по ул. К.Маркса, 4