Художественная галерея 'Беларт'  



Выстава твораў Фёдара Ладуцькі

5 лістапада 2019 года а 17-ай гадзіне мастацкая галерэя Беларт запрашае на адкрыццё персанальнай выставы твораў Фёдара Ладуцькі.

Выстава працягнецца па 20 лістапада 2019 года па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса,4. Пн-Пт – з 11.00 да 20.00, Сб. з 11.00 да 19.00, выхадны – нядзеля.

Уваход вольны.



“Кожнаму мастацкаму крытыку вельмі важна адкрываць новыя творчыя імёны. І гэта – не абавязкова ўчарашнія выпускнікі мастацкіх устаноў адукацыі. У нас так склалася, што многія арыгінальныя і самастойныя беларускія мастакі не трапляюць у кола ўвагі, не знаходзяць хуткага прызнання на якое даўно заслугоўваюць.

Сярод такіх – наш сённяшні юбіляр Фёдар Ладуцька. У яго за плячыма – зайдросны прафесійны дызайнерскі вопыт, які дапамагае без асаблівых намаганняў бачыць незвычайную фармальную кампазіцыю, закладзеную ў аўтэнтычных прыродных матывах. Як толькі мастак застаецца сам на сам з новым прыродным кутком і бярэ ў рукі пастэль ці пэндзаль – адразу з’яўляюцца наватарскія вобразныя вырашэнні, якіх яшчэ не было ў айчынным пейзажным жанры.

Проста і лаканічна, даходліва і рамантычна, загадкова і непасрэдна нараджаюцца ў яго пейзажах сімвалічныя адлюстраванні берагоў рэчак і азёр, лясных сцяжынак і палявых сцежак. Здаецца на першы погляд, што ён нешта не дамалёўвае, нешта спрашчае. Але ў сучасным мастацтве і не абавязкова быць зацятым фотаімітатарам. Менавіта ў такой артыстычна-свавольнай недапрацаванасці і крыецца багацце асацыяцый, абагульненняў, метафарычнай шматзначнасці, што, на наш погляд, з’яўляецца адным з пераканаўчых дасягненняў Фёдара Ладуцькі, аўтара шматлікіх прыродных відарысаў. Ён часта бывае ў розных регіёнах нашай краіны, але найбольш яго прывабліваюць сінявокія азёры Заходняй Віцебшчыны, дзе захавалася цалкам некранутая першабытная прыродная аўра.

Апошнім часам мастак рэгулярна выязжае ў краіны Сяродземнамор’я, дзе таксама плённа працуе на ўзбярэжжах, сярод стромкіх скал і на ўтульных вуліцах каталонскіх, турэцкіх, італьянскіх, грэчаскіх, харвацкіх пасёлкаў і мястэчак. Такія падарожжы, безумоўна, пашыраюць пейзажныя далягляды сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава пад гасцінным дахам нашай артыстычнай галерэі Беларт з’яўляецца выдатным сведчаннем асаблівай натхнёнай маладосці сталага творцы, які здатны на сапраўдныя вобразныя адкрыцці, на жывыя ўражанні. Фёдар Ладуцька з гэтага моманту выходзіць з “ценю невядомасці” і становіцца аўтарытэтнай крэатыўнай асобай, якой ёсць што паказаць сваім гледачам. У адкрыўчым мастацкім пошуку яму дапамагае і сама прырода, і ненадуманасць аўтарскіх метадаў працы, калі не існуе раўз і незаўсёды ўсталяваных “рэцэптаў”, дзе, што і як неабходна давесці да “штучнага бляску”. І хай сёння і надалей шчырасць і сціпласць Фёдара будуць нязменнымі дапаможцамі на яго шляху да новых наватарскіх адкрыццяў.”



Мастацкі крытык Яўген Шунейка.



Фёдар Ладуцька нарадзіўся 19 снежня 1943 года ў в. Махоўка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

1960—1964 гг. - вучоба ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме.

1970—1975 гг. - на факультэце дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Вучань Л. Міронавай, А. Хадыкі.

Працаваў дызайнерам у шматлікіх бюро эстэтыкі і мастацкага праектавання ў 1970-х — 1990-х гг.

Сёння мастак жыве і працуе ў Мінску.

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1995 года.

Працуе ў графіцы і афарміцельскім мастацтве.

Асноўныя творы: афармленне экспазіцыі музея народнай творчасць ў Раўбічах, літаратурна-мемарыяльных музеяў Я. Коласа ў в. Нікалаеўшчына (Мінская вобласць), Літаратурнага музея М. Танка ў Мінску, Літаратурнага музея партызанскай славы (Віцебская вобласць), мастацкага афармлення выставы 105-годдзя Я. Купалы ў Маскве, выставы “Ганчарнае кола” ў Мінску; распрацоўка канцэпцыі афармлення праспекта Машэрава ў Мінску, манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі (разьба па дрэву) для творчага аб’яднання “Гарызонт”, завода “Тэрмапласт”, гасцініцы “Кастрычніцкая” ў Мінску.

З 1990-х гадоў Фёдар Ладуцька – удзельнік шматлікіх мастацкіх выставак у Мінску, групавых і персанальных выставак у Уздзе, Мар’інай Горцы, Вільнюсе, а таксама рэспубліканскіх пленэраў.
































Живопись
Графика
Скульптура
Декоративно-прикладное искусство

English version
English version

Приглашаются к сотрудничеству лица и организации, заинтересованные в проведении выставок и презентаций в одном из залов галереи "Беларт" по ул. К.Маркса, 4