Художественная галерея 'Беларт'  



Выстава ўдзельнікаў пленэра ў аграсядзібе "Шчодры заяц"

Мастацкая галерэя Беларт запрашае на выставу жывапісу ўдзельнікаў пленэра ў аграсядзібе “Шчодры заяц”, адкрыццё якой адбудзецца а 17-й гадзіне 3 чэрвеня 2014 г. па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 4.

Выстава будзе працаваць 3 - 17 чэрвеня 2014 г. штодня, акрамя нядзелі, з 11.00 да 20.00.

Дзіўныя прыазёрныя і паркавыя пейзажы, памятныя мясціны, помнікі культуры і архітэктуры Бярозаўшчыны – як гэта можа не натхняць улюбёных у прыгажосць мастакоў на стварэнне мастацкіх твораў. Гэтая выстава прысвечана вынікам двухтыднёвай плённай працы на ўлонні прыроды. Сябры Беларускага саюза мастакоў Алесь Шатэрнік (Мінск), Мікола Купава (Мінск), а таксама мастакі Паўла Кароткая (Мінск), Таццяна Каландырец (Барысаў), Ганна Бахур (Івацэвічы) і бярозаўскія творцы – Анатоль Маразюк, Таццяна Зданевіч, Васіль Мастыка выклалі на халсты сваё бачанне мясцовых краявідаў.

Бадай што гэта першы пленэр, які быў арганізаваны ў прыватнай гаспадарцы ў вёсцы Селаўшчына Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Для творчай працы запрасілі мастакоў гаспадары аграсядзібы “Шчодры заяц” Марыя і Валерый Зайцавы. А пісаць карціны на Бярозаўшчыне сапраўды ёсць з чаго: чароўны палац Сапегаў у Ружанах, жывапісныя замак Пуслоўскіх, кляштар картэзіянцаў – гэта натура, якая знікае, бо людзі і няўмольны час робяць сваю справу. Але не знікае прыгажосць краявідаў. Не знікае прыгажосць старажытных традыцыяў і звычаяў: апафіёзам пленэра стала святкаванне Купальля. Мастакі дзякуюць аўтарам ідэі – Алесю Жучкову і Алене Аўтушцы, якая нарадзілася ў вёсцы Альшэва Бярозаўскага раёна і для якой пленэр стаў святам душы.

Кароткія звесткі аб удзельніках выставы:

Алесь Шатэрнік, 1940 г.н. У 1964 г. скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, у 1967 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў галіне станковай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і ў жывапісе. З 1978 г. - сябра Беларускага саюза мастакоў. Аўтар помнікаў Рагнедзе, Усяславу Чарадзею, Тадэвушу Касьцюшку і многім іншым. Творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у Белым Доме (Вашынгтон, ЗІПА), арт-музеі “Цымерлі” (Нью-Джэрсі, ЗША) і ў прыватных зборах многіх краін.

Мікола Купава, 1946 г.н. У 1968 г. скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, у 1976 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу. Выканаў мастацкае аздабленне больш за 35і кніг і выданняў. З 1978 г. - сябра Беларускага саюза мастакоў, 1998 – 2004 – старшыня суполкі “Пагоня” БСМ. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны Беларусі, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Мінскім абласным музеі ў Маладзечне, у Музеі гісторыі і культуры у г. Орша, у музеі-запаведніку “Заслаўе”, у Беларускім музеі ў Нью Ёрку, а таксама ў прыватных зборах многіх краін.

Паўла Кароткая, 1987 г.н. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў (2006) і факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2011). Першай “спробай пяра” маладой мастачкі стала серыя жывапісных палотнаў пад назвай “Жыццё ў колерах вясёлкі”, якія былі паказаны публіцы ў клубе “Графіці” у жніўні 2011 года. Творы Паўлы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і галерэях рэспубліцы Беларусь, Бельгіі, Італіі.

Таццяна Каландырэц, 1960 г.н. Займалася ў студыі выяўленчага мастацтва Барысаўскага гарадскога палаца мастацтваў. Скончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў. Працуе ў розных жанрах жывапісу, пераважна ў пейзажы і нацюрморце.

Ганна Бахур, 1978 г.н. Жыве ў г. Івацэвічы. Вольны час прысвячае маляванню.

Анатоль Маразюк, 1951 г.н. Скончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. 14 год працаваў архітэктарам Бярозаўскага раёна, займаўся жывапісам. Удзельнічаў у выставах у Брэсце, Бярозе, Мінску.

Таццяна Зданевіч, 1972 г.н. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучыльшча па спецыяльнасці “мастак роспісу па дрэве і інкрустатар саломкай”. У 2005 г. скончыла БДПУ імя Максіма Танка ў Мінску з кваліфікацыяй педагог-мастак, выкладчык народных рамёстваў, чарчэння і выяўленчага мастацтва. Прайшла навучанне ў Любліне на 8-дзённых адукацыйных курсах у 2007 годзе (мае польскі сертыфікат). Сваю працоўную дзейнасць і жыццё прысвяціла выяўленчаму мастацтву (графіка, жывапіс) і традыцыйным народным рамёствам (ткацтва, пляценне паясоў, роспіс па дрэве, тканіне і шкле). Член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. Загадчыца мастацкага аддзялення ДШМ у г. Бяроза, настаўнік жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Член праўлення БелАІ г. Бярозы па арганізацыі творчай дзейнасці інвалідаў (валанцёрская дзейнасць з 1990 г.). Прымае актыўны ўдзел у майстар-класах, пленэрах і выставах раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага значэння.



















Живопись
Графика
Скульптура
Декоративно-прикладное искусство

English version
English version

Приглашаются к сотрудничеству лица и организации, заинтересованные в проведении выставок и презентаций в одном из залов галереи "Беларт" по ул. К.Маркса, 4