Выставачны праект Алеся Сушы "Сцежкамі Беларусі"
З 22 чэрвеня па 16 ліпеня 2021 года мастацкая галерэя Беларт Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” запрашае наведаць выставачны праект Алеся Сушы “Сцежкамі
Беларусі”.
Выстава адчынена па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 4 з 11.00 да 20.00 штодня, акрамя суботы і нядзелі.
Уваход вольны.
"У рамках фестываля манументальнага мастацтва “Манумент” Беларускага саюза мастакоў у галерэі “Беларт” 22 чэрвеня (аўторак) 2021 года ў 18.00 адкрыецца выстава вядомага
мастака-манументаліста Алеся Сушы “Сцежкамі Беларусі”.
У асяроддзі прыхільнікаў мастацтва Алесь Суша найперш вядомы сваімі кранальнымі жаночымі выявамі. Аднак не меньш цікавыя пейзажы мастака, зробленыя ім падчас вандровак па
Беларусі. Яго краявіды заўсёды вызначаюцца непаўторнасцю колеру, тонкімі суадносінамі паўтаноў, асаблівым каларытам, душэўнасцю і чысцінёй.
Энергетыка пейзажных работ Алеся Сушы неверагодная. Бывае, на палатне заварожвае сапраўдны выбух эмоцый, якія ўзмацняюць шырокія рэзкія мазкі – нібы ўдары.
Здаецца, мастак не любуецца натурай, ён яе ўтаймоўвае і правакуе, падштурхоўвае да супрацьстаяння.
А бывае, адкрываеш для сябе цалкам іншага Алеся Сушу – лірычнага, мяккага, нават крыху таямнічага…
У экспазіцыі выставы прадстаўлены работы апошніх двух гадоў стварэння – краявіды Багданава, вобразы роднай Чэрвеншчыны. Шмат эцюдаў, свабодных, лёгкіх.
Чым жа так неадольна прыцягваюць да сябе гледачоў работы Алеся Сушы?
Рэдкай ступенню шчырасці. Уменнем не проста ўбачыць, а адчуць і пражыць, каб пражытым падзяліцца потым з іншымі. Сапраўдным пачуццём любові да роднага краю."
Наталля Шаранговiч
Алесь Суша нарадзіўся ў вёсцы Дамавіцк Чэрвенскага раёна на Міншчыне ў 1963 годзе.
З 1974 па 1981 гады вучыўся ў мастацкай школе імя І. Ахрэмчыка.
У 1986 годзе скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
З 1989 па 1991 гады стажыраваўся ў творчых майстэрнях у Мінску.
Працуе ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве і станкавым жывапісу.
З 1991 – сябра Беларускага саюза мастакоў.
З 2012 г. – лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за мазаічнае афармленне капліцы ў гонар іконы «Знаменне Прасвятой Багародзіцы» у комплексе
памяці ахвяр Першай міравой вайны ў Мінску.
З 1988 года мастак пастаянна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх праектах. Шматлікія групавыя і перасанальныя выставы А. Сушы праходзілі ў Беларусі (Мінск, Брэст,
Чэрвень, Лагойск, Мозыр), Расіі (Масква), Чэхіі (Прага, Брно), Польшы (Варшава, Сопот), Германіі (Берлін), Бельгіі (Брюсель), Аўстрыі (Вена) і іншыя.
У 2005 г. карціны А. Сушы ўдзельнічалі ў таргах аўкцыённага дома Christie’s у Лондане.
У 2017 г. па запрашэнню кітайскага ўрада ўдзельнічаў у міжнародным праекце па культурнаму абмену паміж Беларуссю і Кітаем. Вынікам дадзенага праекта стала выстава,
якая аб’яднала 60 жывапісных твораў 38 кітайскіх і беларускіх мастакоў у галерэі мастацтваў г. Чэнду правінцыі Сычуань (Кітай).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Чэрвеня, Магілёва, Брэста, Пінска,
Брянска, Трубчеўска, у фондах Міністэрства культуры Арменіі, у прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой. Творы А. Сушы ўпрыгожваюць Палац Незалежнасці Рэспублікі Беларусь,
Нацыянальную бібліятэку Беларусі.